У санаторыi «Ясельда» адбыўся канцэрт народнага ансамбля народнай песні «Маладзіцы».
Ансамбль мае багатую гісторыю. У 1985 годзе мясцовай жыхаркай Валянцінай Іванаўнай Караткевіч быў створаны вакальны ансамбль, галасы ўдзельнікаў якога загучалі на ўсю ваколіцу. З цягам часу склад самадзейных артыстаў мяняўся. Доўгі час кіраўніком калектыву была выпускніца Гродзенскага культурна-асветніцкага вучылішча Ірына Расціславаўна Сашняніна. Сёння кіраў-нік ансамбля – таленавіты Юрый Андрэевіч Петруковіч. З яго прыходам, здаецца, жанчыны заспявалі яшчэ званчэй і прыгажэй! У гэты дзень «Маладзіцы» падарылі слухачам песні «Прывітальная», «Ночка цёмная», «Ой, рэчка, рэчка», «Эх, сад-вінаград», «Бяда не бяда», «Вёсачка», «Што не хата, ўсё радня», «У зялёным садзе» і многія іншыя. Рэпертуар калектыву настолькі разнастайны, што кожны меў магчымасць прасаліраваць. З вялікім задавальненнем і радасцю спявалі артысты. У зале панавала святочная, сяброўская атмасфера. Хочацца пажадаць народнаму ансамблю народнай песні «Маладзіцы» адданых слухачоў, перспектыў на творчым шляху, новых цікавых выступленняў і бясконцага натхнення!